Праваабаронцы накіравалі альтэрнатыўны даклад Камітэту ліквідацыі расавай дыскрымінацыі

06 August 2024, 8:50 AM
Праваабаронцы накіравалі альтэрнатыўны даклад Камітэту ліквідацыі расавай дыскрымінацыі

ПЦ "Вясна"

5 жніўня пачынаецца 113-я сесія Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, на якой будзе разгледжаны даклад беларускіх уладаў аб выкананні імі абавязальніцтваў у межах Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Беларусь будзе даваць справаздачу 15 і 16 жніўня. Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta ў супрацоўніцтве з Беларускім ПЭН і Lawtrend прааналізавалі сітуацыю з расавай дыскрымінацыяй і накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад, што закранае ў тым ліку праблемы, якія ўзніклі ў выніку палітыкі ўладаў пасля 2020 года (апошнія каментары і рэкамендацыі Камітэта былі атрыманы ў папярэднім справаздачным цыкле, у 2017 годзе). Альтэрнатыўны даклад дазваляе Камітэту, прадстаўнікам дзяржавы ды іншым зацікаўленым актарам азнаёміцца з праблемамі, якія дзяржава не згадвае ў сваім дакладзе, убачыць сітуацыю ў тым ліку з пункту гледжання ўразлівых груп, не прадстаўленай у афіцыйнай пазіцыі, а таксама прапануе рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі.

Дынаміка праблемных пытанняў

Мы не ставілі задачу раскрыць, як Беларусь выконвае ўсе свае абавязальніцтвы згодна з Канвенцыяй. Замест гэтага мы засяродзіліся на пытаннях, якія Камітэт адзначаў у якасці праблемных яшчэ ў 2017 годзе і якія, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці. Акрамя таго, мы распавялі, як дзеянні ўладаў пасля 2020 года паўплывалі на сітуацыю з расавай дыскрымінацыяй (да якой у тым ліку адносіцца дыскрымінацыя па нацыянальнай / этнічнай прыкмеце).

Большая частка рэкамендацый самога Камітэта, грамадзянскай супольнасці, а таксама рэкамендацый у межах Універсальнага перыядычнага агляду ў дачыненні да барацьбы з дыскрымінацыяй, засталася нявыкананай.

Сярод іншага:

  • у краіне па-ранейшаму адсутнічае комплексны антыдыскрымінацыйны закон і эфектыўныя сродкі прававой абароны для людзей, што сутыкнуліся з актамі дыскрымінацыі; суддзі не гатовыя разглядаць дыскрымінацыйныя справы і, у прыватнасці, працаваць з Канвенцыяй (нягледзячы на сцвярджэнні дзяржавы аб адваротным);

  • не спыняецца дыскрымінацыя ромскага насельніцтва краіны — у тым ліку праз практыкі этнічнага прафілявання, масавая неабгрунтаваная адмова ў доступе да асобных медычных паслуг;

  • акты расавай дыскрымінацыі і выкарыстанне мовы варожасці з боку дзяржавы / пры папушчальніцтве апошняй не толькі не спыніліся, але выйшлі на новы ўзровень.

Пасля 2020 года

Мы ўжо пісалі, што агульная сітуацыя з роўнасцю і недыскрымінацыяй у краіне пастаянна пагаршаецца. Пасля 2020 года дыскрымінацыйныя практыкі паступова становяцца часткай сістэмнай палітыкі па выдзяленні груп, з якімі дзяржава стасуецца па-іншаму. Да іх адносяцца і асобныя нацыянальныя меншасці, у першую чаргу — прадстаўнікі дзяржаў, якім у ідэалогіі дзеючага рэжыму адведзена месца "знешняга ворага" — палякі, літоўцы, украінцы.

Пасля 2020 года:

  • у межах агульнай зачысткі грамадзянскай супольнасці ліквідуюцца і арганізацыі, што займаюцца захаваннем і развіццём нацыянальных культур і традыцый;

  • ажыццяўляецца пераслед актывістаў вышэйзгаданых нацыянальных меншасцяў;

  • загорнуты назад прагрэс у галіне абароны моваў нацыянальных меншасцяў: паводле ацэнак нацыянальных экспертаў і экспертаў Рады Еўропы, у 2017 годзе Беларусь ужо была гатовая да далучэння да Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў або моваў меншасцяў. З 2023 года заканадаўства больш не прадугледжвае магчымасці стварэння ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх дзеці маглі б вучыцца на мове сваёй нацыянальнай меншасці, адзіны магчымы фармат — стварэнне асобных суполак і класаў у такіх установах. Больш за тое, зачыняюцца польскія і літоўскія школы, ажыццяўляецца ціск на арганізацыі, якія прадстаўляюць паслугі па вывучэнні нямецкай, польскай мовы;

  • пастаянна пагаршаецца сітуацыя з правам на ўдзел у культурным жыцці (у цяперашні час умовы для яго рэалізацыі фактычна адсутнічаюць: ацэнка за 2023 г. — 1/10, у цэлым за 5 гадоў сітуацыя пагоршылася на 4.4 пункта), што ў значнай ступені адбіваецца на нацыянальных меншасцях: акрамя таго, што звужваюцца магчымасці для навучання на сваёй мове, яны сутыкаюцца з дыскрымінацыйнай культурнай палітыкай (цэнзурай, прызнаннем кніг, СМІ ды іншай інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі", знішчэннем гісторыка-культурнай спадчыны ў межах захавання "правільнай" з пункту гледжання дзяржавы гістарычнай памяці, распаўсюджваннем варожых да іх наратываў у СМІ і ў адукацыйных матэрыялах, і гэтак далей;

  • з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну асобны пераслед ужываецца супраць украінцаў: на іх распаўсюдзіліся практыкі прафілявання і падвышанай увагі з боку кампетэнтных органаў, украінская культура фактычна знаходзіцца пад забаронай і прыраўноўваецца да выказвання нязгоды з афіцыйным курсам дзяржавы па падтрымцы дзеянняў Расійскай Федэрацыі;

  • створана экасістэма "антыэкстрэмісцкага" заканадаўства, якая дазваляе дзяржаве душыць цэлы комплекс правоў і свабодаў іншадумцаў (ці тых, каго ўлады адносяць да іх) пад падставай барацьбы з "экстрэмізмам".

Трансляцыя пасяджэння будзе даступная па спасылцы.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Press Conference of the UN Special Rapporteur: Discussing the Situation Ahead of Elections
16 January 2025, 6:50 PM
Press Conference of the UN Special Rapporteur: Discussing the Situation Ahead of Elections
The press conference is held on the initiative of Belarusian human rights defender Leanid Sudalenka with the support of the Belarusian Human Rights House and the Belarusian Association of Journalists.
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці