Тлумачыць «Вясна»: Лячэнне, прымусовая праца ці ізаляцыя? Сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў чакаюць вялікія змены

15 November 2023, 10:58 AM
Тлумачыць «Вясна»: Лячэнне, прымусовая праца ці ізаляцыя? Сістэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў чакаюць вялікія змены

У студзені 2024 года змяняецца заканадаўства па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі грамадзян з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі, піша "Вясна".

У Беларусі налічваецца восем лячэбна-працоўных прафілакторыяй (ЛПП), але іх колькасць і месцаў у іх Міністэрства ўнутраных справаў плануе пашырыць. Так, івацэвіцкую калонію № 5, дзе цяпер утрымліваюцца ў тым ліку палітвязні, расфармоўваюць — на яе базе будзе створаны ЛПП. "Вясна" распавядае, колькі людзей і ў якім парадку штогод накіроўваюць у ЛПП, на якія працы іх прыцягваюць, а таксама спрабуе разабрацца, ці сапраўды дзяржава такім чынам клапоціцца аб здароўі грамадства ці выкарыстоўвае ЛПП як магчымасць прыцягнення людзей на нізкааплатныя працы.

Колькі людзей накіроўваюць у ЛПП?

На дадзены момант у Беларусі налічваецца восем лячэбна-працоўных прафілакторыяў, з іх тры — жаночыя. Усе установы знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства ўнутраных справаў. Фактычна ЛПП з'яўляюцца месцам пазбаўлення волі, дзе асноўны метад лячэння — прымусовая праца. Ведамства плануе пашырацца ў гэтым накірунку.

Паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі № 333 ад 19 кастрычніка, у трохмесячны тэрмін папраўчая калонія № 5 у Івацэвічах павінна быць ліквідаваная, а на яе месцы створаны лячэбна-працоўны прафілакторый № 8.

Яшчэ 25 студзеня 2023 года кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў прадставіў новы заканапраект аб спрашчэнні парадку накіравання асоб у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Тады ж, адказваючы на пытанні дэпутатаў аб тым, ці справяцца магутнасці наяўных ЛПП з наплывам людзей, Кубракоў заявіў, што МУС прагназуе павелічэнне колькасці асоб, якія будуць накіроўвацца ў ЛПП. На 2023 год ведамства запланавала рэканструкцыю дзвюх устаноў — мужчынскага ЛПП № 5 і жаночага ЛПП № 9 у Віцебску на 800 месцаў (раней там было 560 месцаў).

«Акрамя гэтага, будзе перапрафіляваная Івацэвіцкая папраўчая калонія. Ужо падрыхтаваны праект дакумента на 2500 асоб. Праблемы з утрыманнем не будзе», — запэўніў Кубракоў.

Паводле яго, накіраваных у абавязковым парадку прыцягнуць да працы, у ЛПП будуць арганізаваныя працоўныя месцы.

Як сведчыць статыстыка, на канец верасня 2015 года ліміт напаўняльнасці ўсіх ЛПП склаў 6 300 чалавек. Аднак у 2017 годзе ЛПП № 8 быў ліквідаваны. Гэтае рашэнне прывяло да перапоўненасці падобных установаў. Напрыклад, у 2018 годзе ў Светлагорскі ЛПП пры наяўнасці 1400 месц было змешчана амаль 1800 чалавек.

У сярэднім, колькасць асоб, накіраваных у ЛПП, за апошнія гады трывалася каля шасці-сямі тысяч чалавек. Меней было ў 2020 годзе, паколькі дзеючым уладам на той час было зусім не да ЛПП — яны былі занятыя зачысткай пратэстаў і затрыманнямі нязгодных. Але ўжо ў 2022 годзе ў гэтак званыя “прафілакторыі” было накіравана 7 320 грамадзян.

Такім чынам, калі браць у разлік стварэнне новага ЛПП у Івацэвічах, якое можа дадаткова прыняць да 2500 “пацыентаў”, можна прагназаваць павелічэнне магчымасцяў накіраваць у ЛПП аж да 10 тысяч чалавек. Ці пойдуць улады на такі крок - пакажа час.

Усяго толькі каля 5% асобаў, якія праходзілі “лячэнне” у ЛПП, у нейкай кароткатэрміновай ступені губляюць гэтую залежнасць. Таму можна меркаваць, што гаворка тут зусім не пра клопаты аб людзей з наркатычнай або алкагольнай залежнасцю. Відавочна, што нельга вылечыць чалавека праз прымусовую працу, тым больш — ва ўстанове, якая падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных справаў.

2023-01-26-10_00_41-mesta_nesvobody_2020Звесткі паводле аналітычных даследванняў юрыстаў Праваабарончага цэнтра "Вясна"

Каго і як накіроўваюць у ЛПП?

З 26 студзеня 2024 года ў моц уступяць новыя палажэнні Закона па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі. Новая рэдакцыя заканадаўчага акта ў значнай ступені спросціць уладам працэдуру прымусовага накіравання грамадзян з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю на лячэнне ў спецыяльныя ўстановы пазбаўлення волі — ЛПП.

Раней "Вясна" распавядала, як з цягам часу ў Беларусі спрашчаўся шлях накіравання ў ЛПП. Спачатку, Законам ад 1991 года, туды прапаноўвалі накіроўваць толькі асоб, якія маюць залежнасць ад алкаголю і наркатычных сродкаў. Пасля туды пачалі адпраўляць і дзве іншыя катэгорыі людзей: "абавязаных" дзяржаве асоб, якія парушылі працоўную дысцыпліну, а таксама беспрацоўных асоб, што вядуць "асацыяльны лад жыцця" (менавіта такая фармулёўка і выкарыстоўваецца заканадаўцамі). Пры гэтым дыягназу залежнасці ад алкаголю яны маглі і не мець.

Патрапіць у ЛПП цяпер можна пры наяўнасці чатырох адміністрацыйных пратаколаў паводле арт. 19.3 КаАП (знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы) за год. Пасля першых трох выносіцца афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні на прымусовае лячэнне, і грамадзянін праходзіць медкамісію. Пасля чацвёртага парушэння, чалавек, паводле рашэння суда, накіроўваецца прымусовае лячэнне тэрмінам на год, альбо паўтара.

mogilev_ltp_6.jpgМагілёўскі ЛПП №6

Для непрацуючых і абавязаных асоб быў прадугледжаны спецыяльны парадак. Першыя могуць апынуцца ў ЛПП ужо пасля трэцяга прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, а другія — за тры парушэнні працоўнай дысцыпліны ў стане алкагольнага ап'янення.

Зараз жа новым законапраектам, які пачне дзейнічаць у студзені 2024 года, прапануецца паменшыць колькасць прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці: ад трох да двух. Гэта значыць, што колькасць "прыступак" у працэсе адпраўкі ў ЛПП памяншаецца.

Пры гэтым, цяпер новым праектам прапануецца больш не накіроўваць у ЛПП "абавязаных" і беспрацоўных асоб, якія вядуць "асацыяльны лад жыцця", — а вярнуцца да таго, каб у ЛПП траплялі толькі людзі з залежнасцю ад алкаголю і наркатычных сродкаў.

Такім чынам, з  26 студзеня 2024 года афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП атрымаюць усе катэгорыі парушальнікаў, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Пасля трэцяга пратакола яны будуць накіраваны на медкамісію і ў суд.

Таксама новаўвядзеннямі ў закон вызначаны нашмат больш строгі парадак ізаляцыі асоб з наркатычнай залежнасцю. Цяпер грамадзяне, якія звярнуліся або паступілі ў арганізацыі аховы здароўя з атручэннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, атрымаюць афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП ужо пасля першага такога факта. Другі зварот на працягу года пасля такога папярэджання ў медустанову для аказання дапамогі ў сувязі з атручэннем, выкліканым наркотыкамі, пацягне медыцынскі агляд і накіраванне матэрыялаў у суд для вырашэння справы па сутнасці.

Лячэнне, прымусовая праца ці ізаляцыя?

Шматлікія даследванні паказваюць, што “лячэнне” праз прымусовую працу не дае аніякага эфекту. Хутчэй наадварот: знаходжанне ў ЛПП істотна паскарае працэс дэградацыі змешчаных туды грамадзян. Параўнанне дзвюх груп хворых на алкагольную альбо наркатычную залежнасць, якія знаходзіліся ў ЛПП і лячыліся добраахвотна ў наркалагічных стацыянарах, паказалі, што частата і якасць рэмісій былі значна вышэйшыя ў першай групе; працягласць рэмісій звыш года сустракалася ў першай групе ў сем разоў часцей, чым у другой.

З іншага боку ўсе гэтыя новаўвядзенні скіраваныя на павелічэнне кантынгенту асоб, якія будуць змешчаныя ў ЛПП. Дзяржава зацікаўленая ў тым, каб мець дадатковыя “працоўныя рукі”, якіх можна прыцягваць на працы ў нізкааплатных сферах эканомікі.

Можна прывесці яскравы прыклад аб тым, як былы палітвязень Віталь Жук быў накіраваны ў ЛПП. Нядаўна ён падзяліўся асаблівасцямі побыту ў ЛПП і працай. Як кажа былы палітзняволены, асноўны занятак “пацыентаў” ЛПП № 5 у Нваваградку — дрэваапрацоўка. У прыватнасці – выраб драўляных паддонаў. Сам Жук за месяц працы ў ЛПП атрымаў 30 рублёў.

“Але гэта было да таго, як вылічылі за камунальныя і гэтак далей. На рукі выходзіла недзе 5–7 рублёў. Іншыя маглі атрымаць і сорак капеек, і адзін рубель за працу”, — распавёў Віталь.

Віталь Жук таксама кажа, што самая чорная і цяжкая праца ў ЛПП — вытворчасць драўніннага вугалю.

“Там стаяць вялізныя такія бочкі, дзе выпальваецца вугаль. Людзі туды мусяць лезці, выбіраць адтуль вугаль і чысціць тыя бочкі. Людзі потым ходзяць самі чорныя, мурзатыя. Бо лазня раз на тыдзень, а ледзяная вада ў кране не адмые такую сажу, бруд. Што там зь лёгкімі ў такіх людзей — нават страшна ўявіць”, — кажа Віталь.

Сяргей быў змешчаны ў ЛПП у Светлагорску ў 2021 годзе,  працаваў на пілараме, але атрымліваў усяго два даляры ў месяц. Ён кажа аб тым, што існавала практыка, калі танную працоўную сілу часам “замаўлялі” мясцовыя бізнесоўцы, і тады можна было зарабіць нашмат болей.

54-гадовы жыхар Хойніцкага раёна Мікалай, як “абавязаная” асоба быў накіраваны ў ЛПП, дзе ягоны заробак складаў менш за 25 рублёў. Пры гэтым, каля 200 рублёў павінна было спаганяцца штомесяц  на аплату ўтрымання дзяцей за кошт дзяржавы. Такім чынам, толькі за адзін месяц знаходжання ў ЛПП доўг вырас больш чым на 250 рублёў.

Што яшчэ прапануецца ў ЛПП? Праца ў сельскай гаспадарцы, праполка, уборка і пераборка гародніны. Для пацыентаў Светлагорскага ЛПП ёсць магчымасць працаваць у жывёлагадоўлі, там створана адмысловае прадпрыемства “Хутар-Агра”, падпарадкаванае МУС.

Пры ЛПП існуюць асобныя вытворчасці па вырабах з бетону (бардзюры, тратуарная плітка, бетонныя платы), металу (мангалы, каваныя вырабы), дрэваапрацоўка (альтанкі, пясочніцы, зрубы і нават сабачыя будкі). “Пацыенты” ЛПП здымаюць ізаляцыю з дратоў, выконваюць дзесяткі брудных і нізкааплатных прац. Эфектыўнасць такой прымусовай загрузкі дастаткова нізкая. А пры павелічэнні колькасці людзей – узнікае лагічнае пытанне: “Дзе знайсці прымяненне ўсім гэтым людзям?”.

Відавочна, што ў дзяржавы існуе толькі адзіны матыў, якім яна кіруецца пры пашырэнні сістэмы ЛПП – гэта часовая і бессэнсоўная ізаляцыя людзей з залежнасцямі, стварэнне ілюзіі паспяховага вырашэння праблем алкагалізму і наркатызацыі грамадства.

Праваабаронцы лічаць, што сістэма лячэбна-працоўных прафілакторыяў парушае правы чалавека. Калі вы сутыкнуліся з ЛПП, звяртайцеся па дапамогу ў Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Кантакты:

e-mail: pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная)

telegram: @ViasnaSOS, @SOSViasna (Гарачая лінія)

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці